Анатоль Аляксандравіч БРУСЕВІЧ (нар. 28 верасня 1977, Гродна) — беларускі паэт, перакладчык, даследчык гісторыі польскай літаратуры, польска-беларускіх літаратурных сувязяў.
Скончыў філалагічны факультэт ГрДУ (1999), у 2000 — магістратуру, у 2003 — аспірантуру пры кафедры польскай філалогіі ГрДУ. У 2004 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча віленска-ковенскага перыяду (1815—1823 гг.)».
З 2003 працуе ў ГрДУ, з 2007 г. — на пасадзе дацэнта кафедры польскай філалогіі.
На беларускую мову пераклаў драму Георгія Каніскага «Уваскрасенне мёртвых» (Беласток, 2009), «Трэны» Яна Каханоўскага (Беласток, 2010), «Ідыліі (Plein-air)» Антонія Лянгэ (Беласток, 2013), раман Катажыны Бонды «Акулярнік», паасобныя вершы Адама Міцкевіча, Тадэвуша Міціньскага, Лейба Найдуса, Рымантаса Ванагаса, Іраклія Какабадзэ.
Друкуецца з 1989 г. у беларускіх і замежных выданнях. Аўтар кніг паэзіі «Дуэль» (Гродна, 1992), «Падаю ў неба» (Гродна, 2006), «Апошні дзень» (Мінск, 2013), «Крылы» (Гродна, 2021), манаграфіі «Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча»(Гродна, 2008). Вершы перакладаліся на польскую, рускую, літоўскую, англійскую, грузінскую мовы.