Таі́са Бо́ндар (20 лютага 1945, Рудзенск, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць — 19 снежня 2005, Мінск) — беларуская празаік, перакладчык.
Нарадзілася ў сям’і рабочых. У 1967 годзе скончыла факультэт англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. Настаўнічала ў г. Фэлешць (Малдова). У 1977 годзе вярнулася ў Беларусь. у 1978-1981 гадах загадвала аддзелам выяўленчага мастацтва, архітэктуры і вытворчай эстэтыкі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1981 года — загадчык аддзела культуры, адказны сакратар, а з 1985 года намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь». У 2002-05 гадах дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Лiтаратура i Мастацтва».
У друку з вершамі выступіла ў 1970. Выдала зборнікі паэзіі «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «…І голас набыла душа» (вершы і паэмы, 1980), «Святочны снег» (вершы, паэма, 1981), «Чырвоны месяц года» (вершы і паэмы, 1985), «Спадчынны боль» (1987), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Адна» (1989), «Час душы, мой час вячэрні…» (1995).
Аўтар кніг апавяданняў «Сінія яблыкі» (1984), аповесцей «Час, калі нас любілі» (1988), аповесцей і апавяданняў «Паветраны замак на дваіх» (1990). Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяр культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс.
Таксама былі выдадзены кнігі, «Бог зусім побач. Старонкі дзённіка» (2000), «Імем Айца і Сына» і раман-містэрыя «Павуцінне» (2004). Перакладала з малдаўскай (Г. Віеру «Імя тваё», 1986), румынскай і англійскай моў. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1978.