Тарасаў Кастусь

Кастусь Тарасаў (10 кастрычніка 1940, Мінск — 20 сакавіка 2010, Мінск) — беларускі пісьменнік. З сям’і служачага. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох год працаваў слесарам-зборшчыкам на Мінскім механічным заводзе, калектарам у Паўночна-Заходняй геолага-разведачнай экспедыцыі, слесарам-мантажнікам у арганізацыі «Спецэлеватармельбуд». Вучыўся на хімічным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1960—1965). Пасля заканчэння інстытута працаваў майстрам шкловарэння на шклозаводзе «Неман», тэхнолагам на віцебскім заводзе «Маналіт». Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Вышэйшая школа» (1967—1975), журналістам па дагаворы і загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі газеты «Знамя юности» (1975—1977), рэдактарам аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Неман» (1977—1983), спецыяльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва» (1986—1988). З 1990 адказны сакратар часопіса «Спадчына». Пазней стаў адным з заснавальнікаў газеты «Новы час», друкаваў у ёй гістарычныя нарысы.Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1982. Пахаваны на мінскіх Чыжоўскіх могілках.

Творчасць

У 1966 г. пачаў друкавацца як журналіст. З мастацкім творам выступіў упершыню ў 1976 годзе (аповесць «Следственный эксперимент», часопіс «Неман»). Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар гістарычных аповесцей пра мінулае Беларусі. Аўтар кніг аповесцей «День рассеяния» (1980), «В час Стрельца» (1981), «Странствие в тесном кругу» (1986), «Погоня на Грюнвальд» (1986), зборніка гісторыка-літаратурных эсэ «Память про легенды» (1984, пашыранае выданне на беларускай мове 1990), «Золотая горка» (1998). На мяжы стагодздзяў выдаў аповесць «Апошняе каханне князя Міндоўга», пра дачыненні ўладара і ўлады. Па матывах аповесці К. Тарасава «Чорны шлях» (рас. «Стая ворон над гостинцем») драматург Аляксей Дудараў стварыў п’есу «Ядвіга».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *