Рублеўская Людміла

Людміла Іванаўна Рублеўская радзілася 5 ліпеня 1965 у Мінску. Савецкая і беларуская паэтка, празаік, журналіст, літаратурны крытык.

Людміла Рублеўская свой першы верш надрукавала ў 1983 годзе ў беларускай газеце «Знамя юности». У 1984 годзе скончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Працавала ў канструктарскім бюро “Гарызонт”, тэхнікам-архітэктарам. У 1986-1987 гадах вучылася ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, на аддзяленні паэзіі. Затым перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыла ў 1994 годзе.

Працавала ў газетах «Наша слова», «Літаратура і мастацтва», часопісе “Першацвет”. У газеце «Літаратура і мастацтва» займала пасаду рэдактара аддзела крытыкі . З 2003 па 2020 год – літаратурны аглядальнік аддзела культуры газеты “Беларусь сегодня”. З верасня 2020 года-літаратурны аглядальнік аддзела культуры газеты “Звязда”. Была аўтарам радыёперадач “Дзеяслоў” на канале «Культура», у якіх расказвалася пра гісторыю і сучаснасць беларускай мовы. Кіруе аб’яднаннем маладых творцаў “Літаратурнае прадмесце”.

Яе творы перакладзены на рускую, нямецкую, англійскую, французскую, балгарскую, польскую і дзясяткі іншых моў. Асобныя яе Драматычныя творы ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў. Па драматычнай паэме “Апошняя з Алелькавічаў” зняты аднайменны відэафільм (1999 год).Таксама Людміла Рублеўская выступае ў друку як крытык і літаратуразнаўца.

Гісторыкацэнтрычныя творы Людмілы Рублеўскай некаторыя беларускія крытыкі пахвальна параўноўваюць з “меладраматычнымі інтэрпрэтацыямі” мастацкіх ідэй Уладзіміра Караткевіча. Так, падзеі ў яе рамане “Золата забытых магіл” (2005 год) адбываюцца паралельна ў найбольш цікавыя для Караткевіча часы паўстання Кастуся Каліноўскага і ў наш час. А гераіня аповесці «Пярсцёнак апошняга імператара» (2005) спазнае трагічную і гераічную гісторыю свайго роду, які выяўляецца каралеўскім.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *