Прануза Паўлюк

Прануза Паўлюк, нарадзіўся 18.03.1918 г. у вёсцы Вылева Дабружскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і рабочага. У 1941 г. скончыў філалагічны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута.

 У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у зенітнай артылерыі, прымаў удзел у баях на Бранскім,Цэнтральным і 1-м Беларускіх франтах. У 1945 г. дэмабілізаваўся, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Нясвіжскай педагагічным вучылішчы, у сярэдняй школе №– 3 г.Нясвіжа. З 1982 г. жыве ў Мінску. Сябра СП СССР з 1947 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1936 г. У час Вялікай Айчыннай вайны вершы друкаваліся ў газетах «Савецкая Беларусь» (Масква), «За свабодную Беларусь» (Калінінскі фронт), у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну»,у франтавых і армейскіх газетах. Аўтар зборнікаў вершаў «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954). «Мае землякі» (1957),«Калі верыш» (1963), «Родныя мясціны» (1968), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (1978), «Сустрэчы» (1983), «Мой аўтограф» (1988), «Рукі салдата» (1990).

Напісаў зборнікі вершаў для дзяцей «Добры дожджык» (1960), «Я вясну малюю» (1962), «Дзе вясны пачатак» (1965), «Ручаёк» (1969), «Вясновыя тэлеграмы» (1976), «Фарбы восені» (1982), «Звініць ручаёк» (1988).

Склаў зборнік вершаў і ўспамінаў пра М.Сурначова «Акопны спеў» (1986). Перакладае з расійскай, украінскай і польскай моў. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі. Удастоены звання                 “Ганаровы грамадзянін г. Нясвіжа “(2006).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *