Пі́мен Емялья́навіч Па́нчанка (23 жніўня 1917, Рэвель, Эстляндская губерня, Расійская імперыя — 2 красавіка 1995, Мінск) — народны паэт Беларусі.
У 1933 годзе сям’я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, і Пімен пачаў працаваць на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце рабочым, а затым паступіў на настаўніцкія курсы. Пасля іх заканчэння працаваў у пачатковай, сямігадовай, сярэдняй школах у Бабруйскім і Кіраўскім раёнах (1934—1939). Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута, які скончыў у 1939 годзе. У 1946 г. паэт дэмабілізаваўся. Закончыўся адзін з вызначальных этапаў у жыцці і творчай біяграфіі паэта. Ён вяртаецца ў Мінск і пачынае працаваць у часопісе «Вожык», пазней перайшоў у газету «Літаратура і мастацтва». Пяць гадоў (1953—1958) рэдагаваў альманах «Советская Отчизна» (цяпер «Нёман»).З 1966 г. паэт пачынае працаваць сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Прыкметнай з’явай у літаратурным жыцці Беларусі стала і кніга вершаў Панчанкі «Пры святле маланак» (1966, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1968). Пачынаючы з гэтай кнігі, светаразуменне паэта становіцца больш заглыбленым, па-філасофску засяроджаным, разважлівым. Паэтычныя зборнікі П. Панчанкі «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977) насычаны непакоем, роздумам над глабальнымі праблемамі сучаснасці, над будучыняй чалавецтва. У іх гучыць гарачая любоў да роднай зямлі, да чалавека працы. З 1972 г. цалкам аддаецца творчай дзейнасці, спалучаючы яе з абавязкамі дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. У 1973 г. Пімену Панчанка было нададзена ганаровае званне народнага паэта Беларусі. Памёр 2 красавіка 1995 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Творчасць
Пісаць Пімен Панчанка пачаў яшчэ ў юнацтве. Упершыню апублікаваў свае вершы («Ураджайнае» і «Моладзі») у 1934 г. у альманаху «Ударнікі». Як паэт ён пачаўся з лірыкі, аб чым сведчаць яго першыя зборнікі «Упэўненасць» (1938) і «Вераснёвыя сцягі» (1940). У іх знайшоў адлюстраванне рамантычна-ўзнёслы настрой мастака. З верасня 1939 г. да студзеня 1946 г. у Савецкай Арміі — спецыяльны карэспандэнт, пісьменнік у армейскіх і франтавых газетах.У Іране быў створаны Піменам Панчанкам вядомы цыкл вершаў «Іранскі дзённік». Адным з лепшых твораў таго часу не толькі ў беларускай, але і ўсёй савецкай паэзіі стаў верш П. Панчанкі «Сінія касачы». Ваенныя ўражанні паэта склалі зборнікі «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947). Ваенная тэма не пакідала паэта на працягу ўсяго яго творчага лёсу. У розныя гады ён напісаў шмат моцных па сіле эмацыянальнага ўздзеяння вершаў на гэту тэму («Апельсіны», «Кавуны», «Камсамолец з Расоншчыны», «Іх вечныя агні», «Горкая гордасць»).
У пасляваеннай паэзіі П. Панчанкі часцей гучаць грамадзянскія матывы: барацьба за мір, услаўленне сацыялістычнага ладу, палёты ў космас, інтэрнацыянальныя сувязі. Адзін за другім выходзяць зборнікі паэта «За шчасце, за мір» (1950), «Шырокі свет» (1955), «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Ёркскія малюнкі» (1960), «Тысяча небасхілаў» (1962). Напісаная ў гэтыя гады лірыка-публіцыстычная паэма «Патрыятычная песня», у якой паэт выказваў шчырае прызнанне ў любві да Радзімы, да людзей, была ў 1959 г. узнагароджана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы.
Вершы грамадзянскага гучання склалі зборнікі «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Прылучэнне» (1987), «Горкі жолуд» (1988), «Неспакой» (1988), «Высокі бераг» (1993). Вялікі грамадзянскі рэзананс выклікала ў свой час «Паэма сораму і гневу». Пасля смерці паэта (2 красавіка 1995 г.) з друку выйшлі яго кнігі «Зямля ў мяне адна» (1996) і «Жытнёвы звон» (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў.Паэт і публіцыст, крытык і перакладчык П. Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго творчай спадчыне — яго вершы, якія былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, вершы, у якіх ніколі не было фальшу, а заўсёды адлюстроўвалася багатая гама чалавечых пачуццяў.