Навуменка Ірына

Данік (Навуменка) Ірына Мікалаеўна – беларуская паэтка. Член СПБ. Нарадзілася 15.08.1949г., в. Дзергілі Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і лесніка. У 1956 годзе пайшла ў Дзергілеўскую 7-гадовую школу, працягвала вучыцца ў Булаўскай 8-гадовай школе. У 1967 годзе скончыла Міжэрыцкую сярэднюю школу Зэльвенскага раёна. З 1968 года працавала токарам на Жданаўскім рамонтна-механічным заводзе Данецкай вобласці, вучылася на вячэрнім аддзяленні Жданоўскага індустрыяльнага тэхнікума.

З дзяцінства марыла стаць мастаком і мару ажыццявіла: у 1969 годзе паступіла ў Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтваў на факультэт выяўленчага мастацтва. Адначасова пісала прозу – апавяданні, эсэ. Вершы пачала пісаць у 1975 годзе. Першы верш надрукавала ў 1977 годзе ў Зэльвенскай раённай газеце “Труд”, дзе нейкі час працавала карэктарам, лінатыпістам, селькорам.

У 1974 годзе Данік І. разам з сям’ёй пераехала ў родныя мясціны, на Зэльвеншчыну. З 1978 працавала загадчыцай Дзергілеўскага сельскага клуба. Завочна скончыла Гродзенскае культасветвучылішча (1979 – 1982 гг.). З 1986г. жыла ў в. Стральцы Мастоўскага раёна, дзе працавала дыспетчарам калгаса “Рассвет”. З 1993 года працавала мастацкім кіраўніком Стралецкага сельскага дома культуры, які потым і ўзначаліла. З пасады дырэктара Ірына Мікалаеўна пайшла на пенсію. Выхавала двух сыноў.

Вершы І. Данік друкаваліся ў раённай газеце “Праца”, абласной газеце “Гродзенская праўда”, рэспубліканскіх газетах “Беларуская ніва”, “ЛіМ”, “Сельская газета”, часопісах “Маладосць”, “Беларусь”, “Полымя”, “Работніца” і сялянка”. Яе паэтычныя творы гучалі на рэспубліканскім і абласным радыё і тэлебачанні. Друкавалася ў калектыўных зборніках: “Краю мой – Нёман” (Мінск : Мастацкая літаратура, 1986г.), “Каля Нёмана” (Масты, 1994г.), “Бацька наш Нёман” (Мінск : Юнацтва, 2001г.), “Галасы” ( Гродна, 2002 – 2005гг.), “Наша Лорка” (Слонім, 2002г.), “Вітражы” (Гродна, 2006г.).

Выдала зборнік вершаў “Мой светлы дзень (2006г.)”. У 2006 годзе Данік І.М. стала членам Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. У 2014 годзе Ірына Мікалаеўна заняла 1-е месца ў літаратурным конкурсе “Гродна – культурная сталіца Беларусі 2014”. Памерла Данік І.М. 27 красавіка 2018 года.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *