Нарадзіўся 17 верасня 1950, в. Крывічы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці —беларускі дзяржаўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік-празаік і паэт. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1996) і Саюза пісьменнікаў Расіі. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
У роднай вёсцы скончыў сямігодку, сярэднюю школу ў в. Морына Іўеўскага раёна. З 1967 па 1971 год вучыўся на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філфака Гродзенскага педінстытута. Настаўнічаў у сярэдняй школе вёскі Ракавічы Шчучынскага раёна.
У 1972—1974 гадах —другім сакратаром Шчучынскага раённага камітэта камсамола.Вучыўся на аддзяленні журналістыкі Вышэйшай камсамольскай школы пры ЦК УЛКСМ у Маскве (1974—1976). Працаваў загадчыкам аддзела ў рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1974—1976). Затым у партыйных органах: у Маскоўскім райкаме КПБ г. Мінска, у Мінскім гаркоме КПБ, у ЦК КПБ (1977—1991). Пасля — у Дзяржаўным камітэце па друку (1991—1992), намеснікам міністра інфармацыі (1992—1994), намеснікам міністра культуры і друку (1994—1996), у Выканкаме Саюза Беларусі і Расіі (1996—2000, Масква).
З 2001 года па 2003 год працаваў начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.З 2003 года — на дыпламатычнай службе, працуе саветнікам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.
Творчасць
Першыя вершы публікаваліся ў Шчучынскай раённай газеце «Савецкая вёска» (1971), з 1975 года друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях. Аўтар зборнікаў лірыкі «Белы наліў» (1995),«Знічка» (2003), «Васількі надзеі» (2008), паэтычнай кнігі для дзяцей «На загадкі ёсць адгадкі» (2001).У 2004 годзе выйшла кніга лірыкі «Апошняя малітва» на балгарскай мове. У перакладзе на рускую мову творы друкаваліся ў расійскіх літаратурна-мастацкіх часопісах, «Литературной газете». На вершы беларускія кампазітары І. Лучанок, В. Раінчык, Дз. Далгалёў, М. Сацура, А. Чыркун напісалі больш за 30 песень.У 2011 годзе выйшла ў свет кніга прозы «Воплаўская госця», якая ўключае ў сябе аднайменную аповесць, апавяданні, нататкі пісьменніка, аб’яднаныя адной тэмай — адлюстраваннем жыццёвых інтарэсаў і духоўных памкненняў нашага сучасніка.