Караткевіч Уладзімір

Нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Оршы Віцебскай вобласці ў сям’і інтэлегентаў.У час Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласці,пасля ў Арэнбургу.У 1944 вярнуўся ў Оршу, атрымаў сярэднюю адукацыю. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Кіеўскага універсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954—1956),у Оршы (1956—1958).Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы (1960), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962) у Маскве.

Свае першыя вершы Уладзімір Караткевіч апублікаваў у 1951 (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). У 1955 верш «Машэка» быў змешчаны ў часопісе «Полымя». Выйшлі зборнікі паэзіі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (вершы і паэма, 1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду.» (вершы і паэмы, 1986).

Найбольш вядомы як празаік. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Блакіт і золата дня» (1961),«Чазенія» (1970),«Вока тайфуна» (1974), «З вякоў мінулых» (1978), раманаў «Каласы пад сярпом тваім» (1968), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972), «Нельга забыць»(1982),«Чорны замак Альшанскі» (1983), аповесці «У снягах драмае вясна» (1989).Для дзяцей выдаў «Казкі» (1975) і нарыс «Белавежская пушча» (1975).

Аўтар п’ес «Млын на Сініх Вірах» (пастаўлена на тэлебачанні ў 1959), «Званы Віцебска» (1977), «Кастусь Каліноўскі» (1980), «Калыска чатырох чараўніц» (1982), «Маці ўрагану» (1985).У 1988 г. выйшаў зборнік п’ес «Старыя беларускія хронікі».Напісаў сцэнарыі кароткаметражных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964),«Памяць каменя» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967), сцэнарыі мастацкіх фільмаў«Хрыстос прызямліўся ў Гародні»(1967), «Чырвоны агат»(1973), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979), «Чорны замак Альшанскі» (1984).На тэлебачанні і радыё па яго творах пастаўлены шэраг спектаклей.Па лібрэта Караткевіча пастаўлена ў Беларускім тэатры оперы і балета опера «Сівая легенда» (1978), а паводле яго аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» – аднайменная опера (1989).

Працаваў як перакладчык. На беларускую мову пераклаў драму М. Карэма «У ноч зацьмення Месяца» (1972), аповесць Э.Гашпаравай«Цяжка быць мустангам» (1981).

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. За раман «Нельга забыць» у 1983 годзе прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа, a за раман «Чорны замак Альшанскі» ў 1984 годзе — Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (пасмяротна).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *