Уладзімір Адамавіч Жылка (27 мая 1900, в. Макашы, Навагрудскі павет, Мінская губерня, цяпер Нясвіжскі раён, Мінская вобласць — 1 сакавіка 1933, Уржум, Кіраўская вобласць, РСФСР— беларускі паэт, перакладчык, крытык. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў гарадское вучылішча ў Міры (1914) разам з бацькамі пераехаў у Мінск. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я была ў бежанцах у Тульскай губерні. Скончыў 3 класы Багародзіцкага агранамічнага вучылішча,у сакавіку 1917 вярнуўся разам з бацькам у прыфрантавы Мінск, вучыўся ў сельскагаспадарчай школе.
У кастрычніку 1919 — сакавіку 1920 працаваў настаўнікам у 21-й мінскай беларускай пачатковай школе.Надзяляў панскай зямлёй сялян, працаваў аграномам нацыяналізаванага маёнтка пад Мінскам. Друкаваўся ў мінскіх выданнях.Пасля Рыжскага дагавора 1921 апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Зблізіўся з паўстанцкай групай І. Мікуліча, якая дзейнічала на Нясвіжчыне, пазнаёміўся з былымі членам паўстанцкага ўрада на Случчыне У. Пракулевічам, пісаў для падпольшчыкаў лістоўкі, адозвы, закліковыя вершы («Каваль»,«Дзед»,«Гімн беларускіх паўстанцаў»).Працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні. Апекаваў разам з Л. Родзевічам створаную ў Віленскай беларускай гімназіі тэатральную майстроўню.У канцы 1922 нелегальна вярнуўся ў Вільню, дапамагаў Л. Родзевічу ў апрацоўцы матэрыялаў для газет «Наша будучыня» і «Новае жыццё». У 1926 прыехаў у Мінск на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу.У Савецкай Беларусі У. Жылка спачатку працаваў у Інбелкульце, потым у газеце «Беларуская вёска». 3 1927 загадчык аддзела літаратуры газеты «Звязда», выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме. Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». Працаваў перакладчыкам у Белдзяржкіно, працягваў выкладаць замежную літаратуру ў музычным тэхнікуме.19.07.1930 арыштаваны пад Мінскам ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай калегіі АДПУ у 1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Уржуме Кіраўскай вобл., дзе працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме. Рэабілітаваны ў 1960 Судовай калегіяй Вярхоўнага Суда БССР.
Творчасць
У 1918 напісаў свой першы беларускі верш «Покліч»(1920). Друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях «Беларускія ведамасці»,«Наша будучыня», «Новае жыццё». У вершах пач. 1920-х г. «Беларусь», «Мы любім даўнія паданні», паэт вылучае дзве супрацлеглыя сілы, якія спакон вякоў твораць гісторыю: наканаванасць, лёс, «напасці» і свядомая барацьба грамады, што можа павярнуць ход падзей да свабоды, нацыянальнай годнасці і сацыяльнай справядлівасці.
У артыкуле «У справе ацэнкі беларускага адраджэння» (1923) У. Жылка называе асновай беларускай вызваленчай ідэі спалучэнне нацыянальнага з сацыяльным. Аўтар паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зборніка вершаў «На ростані» (Вільня, 1924). У цыкле «Вершы аб Вільні» (1926) называе гэты гістарычны цэнтр дзяржаўнасці і вызваленчага руху «беларускай Меккай», а беларускіх патрыётаў прыраўноўвае да ісламскіх вернікаў.
У. Жылка выйшаў на прасторы еўрапейскай палітыкі і літаратуры.Ён працягвае верыць у збавіцельную адраджальную моц красы і любові. 3 гэтай супярэчлівасці паўстаў у 2-й пал. 1920-х г. выдатны цыкл інтымна-філасофскіх «Вершаў спадзявання». Пра аптымізм яго светаспасцігання сведчаць вершы «Не складаць мне болей песняў», «Хвораму».
Падчас сваёй дзейнасці ў БССР працягваў плённа працаваць. Публікаваў артыкулы пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзію на паэму У. Дубоўкі «Наля», велічальны верш «Антону Навіне» і інш. Супрацоўнічаў з музыказнаўцам Ю. Дрэйзіным, дапамагаў у перакладзе лібрэта і пастаноўцы сіламі студэнтаў оперы «Фауст». Апошні яго зборнік «З палёў Заходняй Беларусі» (Мінск, 1927) стаў прычынай сутыкнення паміж групоўкай «Маладняка» і беларускімі літаратарамі, зарыентаванымі на сусветную класіку і эстэтычную суверэннасць.У ссылцы перакладаў еўрапейскіх паэтаў, пісаў уласныя творы.Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага (1932), асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсена, Ш. Бадлера, І. Волькера.Архіў У. Жылкі знаходзіцца ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і налічвае 136 адзінак захавання.