Юрка (Юрый Паўлавіч) Гаўрук 23 красавіка 1905,Слуцк Мінскай губерні, цяпер Мінскай вобласці—18 лютага 1979,Мінск;псеўданім: С. Дробуш) — беларускі перакладчык, паэт, літаратурны крытык, рэжысёр.
Нарадзіўся ў сям’і служачага. З 1915 сям’я Ю.Гаўрука ў бежанстве ў Пскове. Скончыў слуцкую школу 2-ой ступені (1921), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве ў 1925 годзе. З 1924 запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Член «Маладняка».Восенню 1925 абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, пераехаў у Горкі (1925—1931).У 1931—1935 дацэнт кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута, чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратур народаў СССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
Арыштаваны 8 лютага 1935 у Магілёве. Асуджаны 28 красавіка 1935 асобай нарадай пры НКУС за «антысавецкую агітацыю» да 8 гадоў пазбаўлення волі; высланы з Беларусі; больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27 лютага 1958. Пераехаў у Мінск. У 1957—1967 працаваў памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я. Коласа пастаўлены ў яго перакладзе п’есы з сусветнай класікі.
Творчасць
Працаваў у галіне перакладу з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай на беларускую мову. Дэбютаваў перакладам у 1925 (верш Г. Гейнэ «Ткачы»). Свае творы друкаваў у часопісах «Аршанскі маладняк», «Маладняк», «Полымя» і іншых. Пераклаў п’есы У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўлена ў 1926), «Гамлет» (1935,1964,пастаўлена ў 1946), «Атэла» (1954),«Канец — справе вянец» (пастаўлена ў 1964), «Кароль Лір» (1974),«Антоній і Клеапатра» (1982). У яго перакладзе ставіліся п’есы «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г. Фігейрэду (1957),«Забыты ўсімі» Н.Хікмета(1958),«Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго (1962),«Мяцеліца» Л. Ляонава (1965), «Дзядзька Ваня» А. Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1967), «Улада цемры» Л. Талстога (1969), «Залатая карэта» Л. Ляонава (1971), «Багна» А. Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б. Нушыча (1972), «Ноч памылак» О. Голдсміта, «Выбух» І. Дварэцкага.
Аўтар зборніка краязнаўчых апавяданняў «Вясковыя рыскі» (1926). Аўтар першай на Беларусі[1] анталогіі паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў»[2] (1928). У 1969 выйшаў зборнік арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя»[3], у 1975 — зборнік выбраных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах»[4], у 1990 — «Выбранае» (вершы і пераклады)[1].
Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько[ru], асобнымі выданнямі выйшлі раман А. Сціля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А. Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974), раманы Э. Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К. С. Прычард[ru] «Дачка ўрагану» (1977). Пераклаў таксама творы Ж.-Б. Мальера, Я. Шварца («Снежная каралева[ru]»), вершы П. Варанько[ru] (1976), Б. Алейніка[ru] (1977), апавяданне «За што?[ru]» Л. Талстога і балада «Парука, Шылер[de]» Ф. Шылера (1978), навелы А. Маруа і апавяданні Р. Інанішвілі[ru], Г. Гогічайшвілі (пераклаў з грузінскай мовы разам з Т. Цулукідзэ, 1979)[1][5].
На рускую мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К. Чорнага і «Серадзібор» (1966) П. Пестрака[1].
Аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986)[1].