Нарадзіўся 11 студзеня 1963 года ў вёсцы Вялікія Вераб’евічы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1970-1980 гадах вучыўся ў Вераб’евіцкай сярэдняй школе. Пасля заканчэння працаваў старшым піянерважатым у школе в.Лозкі Навагрудскага раёна. У 1981-1983 гадах праходзіў тэрміновую ваенную службу ў радах Савецкай Арміі. Служыў у Ваенна – паветраных войсках групы савецкіх войск у Германіі. Пасля заканчэння службы у 1983 годзе паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў у 1988 годзе.
Працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Дамавіцкай сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1991 года жыве ў г. Навагрудку. З 1991 года працаваў у Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі на пасадах малодшага, затым старшага навуковага супрацоўніка. Некаторы час у 1993 годзе працаваў інспектарам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У час работы ў гістарычна-краязнаўчым музеі закончыў (1996г.) вочна-завочную Школу музеязнаўства пры Беларускім інстытуце праблем культуры, атрымаўшы кваліфікацыю: музеязнаўца. У 1997 годзе закончыў аспірантуру Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Са студзеня 2000 года працуе дырэктарам Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.
З 1980 года пачаў публікавацца на старонках Навагрудскай раённай газеты “Новае жыццё”. Пазней апублікаваў у розных выданнях некалькі вершаў, літаратурных нататкаў, фотаздымкаў, шахматную і шашачную задачы.
Са студэнцкіх гадоў займаецца даследаваннем гісторыі Навагрудчыны. Першы краязнаўчы нарыс апублікаваў у 1985 годзе, першы навуковы артыкул – у 1991. Выдаў некалькі кніг і апублікаваў звыш 90 навуковых і краязнаўчых прац, якія выйшлі на беларускай, рускай, польскай і французкай мовах.