Вярбіцкі Іван

Нарадзіўся я ў вёсцы Куравічы, што на Навагрудчыне, у сялянскай  сям’і. Жылі надзвычай бедна, а я цішком  ад бацькоў купляў кнігі, — расказвае Іван Іванавіч. — Бацька, канечне, лупцаваў мяне за гэта, але я не мог не чытаць. А жылі на поўнай нішчымніцы, хлеб елі непрасеяны, з вотруб’ем.

З-за пастаяннай нястачы Івану прыходзілася амаль круглы год пасвіць кароў, вучыўся ён толькі зімой. Бацька хацеў, каб сын стаў селянінам, але хлопец настояў: “Буду вучыцца!”. З першай жа  стыпендыі ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы ён купіў поўны збор сачыненняў Лермантава, які беражна захоўвае і сёння ў сваёй дамашняй бібліятэцы. І нават потым, значна пазней, ужо маючы прафесію і стабільны заробак, ён не гнаўся  за дэфіцытнай мэбляю або дыванамі, а па-ранейшаму купляў кнігі. Працягваў вучыцца, здолеў атрымаць вышэйшую адукацыю на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Працоўны шлях Іван Іванавіч пачаў у 1955 годзе настаўнікам Макрэцкай пачатковай школы, што на Навагрудчыне. Пасля працаваў настаўнікам і дырэктарам некалькіх школ у Навагрудскім раёне. У 1966 годзе, пераехаўшы на Карэліччыну, займаў пасаду метадыста аддзела адукацыі райвыканкама. Пазней зноў пачаў настаўнічаць, бо праца з дзецьмі прыносіла відавочную аддачу і ўпэўненасць у правільнасці выбранага шляху. Нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Іван Іванавіч яшчэ два гады па просьбе кіраўніцтва працаваў у Палужскай базавай школе, вёў гісторыю. І ўсе гэтыя гады ён не пераставаў пісаць вершы, байкі, паэмы, займаўся краязнаўствам.

Першы верш Івана Вярбіцкага пра вясну быў надрукаваны ў навагрудскай газеце, калі аўтару было 15 гадоў. У 70-я гады выйшлі адразу два зборнікі вершаў — “Цвіце верас” (зборнік вершаў маладых аўтараў, сярод якіх 13 твораў належалі пяру Івана Вярбіцкага) і “Водар чаромхі”. Потым былі кнігі “Ступені жыцця”, “Луцкі мерыдыян”, паэма “Бітва на Лані”, “Гарызонты “Маяка-Заполля”, “Ручнічком дарожка”, “Шырокае поле здзяйснення”, “У сэрцы з клятвай Гіпакрата”, “Край Карэліцкі мой”. Усе гэтыя кнігі аб’яднаны адной тэмай — тэмай любові да Карэліччыны. Героі яго твораў — жыхары нашага раёна, работнікі сельскай гаспадаркі, працаўнікі заводаў, рабочыя,  настаўнікі і медыкі… Кожны радок прасякнуты моцным жаданнем пакінуць нашчадкам гісторыю роднага краю, убачаную вачамі яго жыхароў. Добрымі памочнікамі  аўтара ў стварэнні кніг сталі карэліччане. Іван Іванавіч надзвычай удзячны жыхару райцэнтра Івану Буйвалаву, які аздобіў некалькі яго кніг малюнкамі, а таксама маленькім карэліччанам, выхаванцам Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, якія працавалі пад кіраўніцтвам Вольгі Баранавай і прадаставілі свае акварэлі для афармлення яго кнігі “Край Карэліцкі мой”. Не чужая Івану Вярбіцкаму і фотасправа: ён ловіць у свой фотааб’ектыў імгненні жыцця, стварае  архіў і выкарыстоўвае здымкі ў сваіх кнігах.

Іван Іванавіч нават на заслужаным адпачынку не хоча станавіцца тыповым пенсіянерам з вечнымі скаргамі на здароўе і няведаннем, куды сябе дзець. Кожны дзень ён спяшаецца насустрач новым адкрыццям і сустрэчам. Працуе ў архівах арганізацый і прадпрыемстваў, гутарыць са старажыламі раёна. Для яго гэтыя вандроўкі становяцца натхненнем для стварэння новых  кніг.

Напрыканцы гэтага года, як спадзяецца пісьменнік, у свет выйдзе чарговая яго кніга пад назвай “Ад даўніны — дарогай…”, якая складаеццам з дзвюх частак. Чытачы змогуць пазнаёміцца з гісторыяй роднага пасёлка ад часоў яго заснавання да сённяшніх дзён. Таксама кніга ўтрымлівае паэму “Слава, здабытая кроўю”, героем якой з’яўляецца Міндоўг і тыя часы, калі ён быў яшчэ военачальнікам і жыў у Руце, што каля Лаўрышава.

Немагчыма было не пацікавіцца, што так маніць аўтара амаль кожны дзень у дарогу, не дае супакоіцца. Іван Іванавіч адказаў: “Я не магу іначай, гэта ў крыві. Я працую не дзеля ганарару за створанае, яго не атрымліваю. Проста не магу сядзець склаўшы рукі, калі вакол столькі цікавага і нязведанага”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *