Вярба Вера (сапраўднае прозвішча Сакалова Гертруда Пятроўна) – беларуская савецкая паэтэса. Нарадзілася 14 студзеня 1942 года ў в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна ў сям’і служачых. Скончыла Мінскую сярэднюю школу (1958), філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964).Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1964 года.
У 1964–1969 гг. – пазаштатны карэспандэнт часопіса «Маладосць». У 1969–1971 гг. – старшы інспектар аддзела прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку.
3 1972 года – літсупрацоўнік, потым загадчык аддзелам пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». З 1977 года – пазаштатны карэспандэнт часопіса «Работніца і сялянка». У 1980–1983 гг. працавала ў часопісе «Беларусь».
Абіралася членам бюро секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў БССР. Друкавацца пачала ў 1958 годзе.
Літаратурная творчасць:
– зборнікі вершаў і паэм: «Вочы вясны» (1962), «Белыя пісьмы» (1967), «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Снежная горка» (1976), «Альфа» (1978);
– ліраэпічная паэма «Каліна» (1968);
– зборнік твораў для дзяцей «Пралеска» (1968);
– кнігі «Выбранае» (1976), «Мая маленькая планета» (1982), «Яраслаўна» (1986), «Белыя пісьмы» (1987).
Пераклала на беларускую мову аповесць Р. Фраермана «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» (1975).
Творы В. Вярбы выдаваліся ў перакладзе на рускую і іншыя мовы. Жыла ў Мінску. Памерла 15 ліпеня 2012 года.